Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Я ніколі не слухала мужа й вось паслухалася яго першы раз, і згасла для мяне сонца, і болей, здаецца, з той пары яно не засвяціла мне на маім шляху. Тулілі мяне да сябе, ад’язджаючы, Міціны, клікалі ехаць разам, плакалі. Апошняй прыйшла да мяне фрау Нот, каб ратаваць мяне й сына, і я не паехала. Доктар Янка Станкевіч [143] угаворваў і клікаў мяне, Лашчанка бянтэжыўся з таго, дзе я застаюся, а мой муж гатаваў нам цяжкую пакуту, глухі й сляпы перад лёсам.
143
Станкевіч Янка (1891–1976) — мовазнавец, гісторык, педагог. Аўтар «Беларуска-расійскага (Вялікалітоўска-расійскага) слоўніка» (Нью-Ёрк, 1990).
«Што робіце, пані Ларыса,— пераконваў Лашчанка,— ды ўрэшце я вас ужо не шкадую, я шкадую бальшавікоў, што ім рабіць з вамі? Дзве магчымасці: альбо даць вам высокае становішча, альбо забіць адразу — бедныя бальшавікі!» I каб давесці, што ён не меней адважны, сябра Алег застаўся ў Празе, як я. Яго схапілі, але, на шчасце, удалося яму ўцячы ад іх на Захад. Шчаслівы чалавек, што ж, ён быў нежанаты, і ніхто не ставіў яму ультыматумаў, не казыраў дзецям... Захварэла фрау Піпэр, і яна прасіла, каб мы разам ехалі, каб я была пры ёй.
Перад гэтым яшчэ за паўгода прыйшоў да нас опа (бацька фрау Піпэр). Муж быў на працы. Ён пачаў мне паясняць, што цяпер такі час, што лекары працуюць і з лапатамі й што яго зяць бяссільны ў гэтым выпадку нам памагчы, што мужа майго загадалі паслаць у лагер працоўных на Мараву, у Куціны, куды перанеслі нейкую авіяфабрыку з Аўстрыі. Было відно, што паступіў зноў данос на Янку, Ермачэнка не спаў. Якраз быў налёт на Прагу, і опа застаўся ў нас на абед. Сардэчна й хораша мы пагутарылі са старэнькім, калі ў хаце дачкі ён крыху стрымваўся, дык у нас крытыкаваў фюрэра з грунту. Было відно, што й немцы думалі, але страх за сем’і і за жыццё скоўваў ім языкі й рукі.
I так зноў прыйшлося ехаць мужу недзе ў мараўскія лясы, дзе ў цяжкіх варунках размяшчаліся тая фабрыка й рабочы лагер. Аднойчы я яго наведала, ледзь дабралася нейкай грузавой машынай. Жыў ён вельмі прымітыўна, але сталаваўся ў чэшскай рабочай сям’і, і даглядалі яго добра. Пазнаёмілася я там і з Карлем Вотрубай, мужа фельчарам. Гэта быў студэнт медыцыны, які, калі немцы закрылі чэшскія універсітэты, не пажадаў ехаць канчаць студыі ў Нямеччыну й лепей пайшоў на працу. Карлічак да апошняга часу застаўся нашым вялікім сябрам. Ён аднойчы сказаў мне, што хацеў бы ажаніцца з беларускай. Быў гэта выдатны чалавек і шчыры сябра.
Моцна трымаўся нашай сям’і Аляксандр Русак. Тут ужо было нешта няяснае, гавораць розна. У той час было многа розных людзей, і адзінай разумнай рады, якую мне некалі даў Ермачэнка, — каб не пускаць у хату чужых людзей, мы не паслухалі. Быў цяжкі час, і хацелася дапамагчы людзям, чым мы маглі. А яны паяўляліся зусюль!
Аднойчы пані Марыя Крэчэўская прыехала да нас са сваім шваграм доктарам Вукдэлічам. Быў гэта чарнагорац, высокі, прыстойны, з сынамі Бранкам і Драгам. Некалі ён студыяваў у Празе й закахаўся ў такой жа студэнтцы, прыгожай беларусачцы, і павёз яе ў дзікую Чарнагорыю, дзе тады яшчэ жанчыны ўцякалі ў лясы, каб раджаць, і дамоў прыносілі сыноў у прыполе. Сястры пані Крэчэўскай гэтакае не гразіла, бо ўсё ж сям’я была асвечанай. У багатым чарнагорскім народным строі яна выглядала цудоўна, і казалі на яе «краліца», г.зн. каралева. Ядвіга пасля захварэла на астму. Мела двох сыноў і дзвёх дачок. I вось Вукдэліч з сынамі нечаму прабіраўся на захад далей, стараючыся пазбягаць сустрэчы з немцамі. Драга цудоўна спяваў па-італьянску. I тут трэба было дапамагчы зямляцкай крывінцы нашай хоць нейкім адзеннем, неабходным у цяжкую пору вайны й нястачаў. Я ніколі не была скупая й рада, чым магла, дзялілася з людзьмі. А памагаць трэба было многім. Часам было смешна, бо другія, якія незнаёмыя людзі слалі мне грошы. Адзін такі сябра напісаў, што хацеў сабе зрабіць радасць і таму, праходзячы ля пошты, выслаў мне грошы, бо я то ўжо буду ведаць, што з імі зрабіць. Другія, выходзячы з нашай хаты сілаю выпхнутыя, каб не разлічваліся за драбніцы, паспявалі нейк яшчэ забегчы на пошту й выслаць тысячу карон. А колькі пасылак, хоць хлеба, хоць цыбулінку людзям...
Адных праважаеш, другіх сустракаеш, а ў кішэнях пераважна пуста. Хораша так было! Толькі следавацелі мае такога не разумелі, тут бескарысна не дапамагаецца людзям, і нашую хату палічылі цэнтрам амерыканскай разведкі. А мы тых амерыканцаў не бачылі ў вочы, дый яны не ведалі аб нашым існаванні. Прыходзілі й чэхі па дапамогу, шукалі дарогі да харошага Піпэра, і ён ніколі не адмовіў. Бывала, хоць вітаміны выпіша зняволеным на Панкрац (пражская турма), а часам і дапаможа паважна.
Я была такой, якою мяне выхавалі ўдома, а Алег Лашчанка цвердзіў: «Шчо б вас, Ларісо Антонівно, знав Гітлер, він бы нэ міг буты такім жостокім та крывавым». Ну, але той нехрыст не ведаў беларускай натуры й шпарыў па-свояму, робячы навечны ўстыд старой нямецкай культуры, а на нас наганяючы страх без глуздымі загадамі. Калі быў на яго атэнтат, дык не было чалавека, які не жадаў бы яму прадчаснай канчыны. Але, на жаль, лёс трымаў яго на гора яго собскага народу й на няшчасце ўсіх тых, кудэмі кацілася без літасная вайна і ўставалі новыя, пасляваенныя здзекі.
Я зноў вельмі непакоілася за Янку. Нашае супружжа было як сон, як нерэальнасць. Усё нас лёс разлучае: то пасля вяселля на колькі месяцаў, то пасля нарадзінаў Юры на два гады, то на Беларусь, то цяпер на Мараву.
На століку ля майго ложка Евангелле, якое чытаю вечарам, а малы Юра прытуліцца да мяне й слухае, слухае. Яму заўсёды мала майго таварыства: «Мама, няхай сяння будзе мой дзень, і мы будзем толькі з табою, будзем маляваць, чытаць, расказваць». Як нам тады добра, мы, як два сябры, як аднагодкі, цешымся тым самым, і калі я яму чытаю ўрыўкі са свае «Рагнеды» [144] , яму здаецца, што ён малы Ізяслаў [145] ...
144
«Рагнеда» — паэма Л. Геніюш, надрукаваная ў газеце «Раніца» за 30 траўня і 20 чэрвеня 1941 г.
145
Ізяслаў Уладзіміравіч (?–1001) — князь полацкі (988–1001), сын Уладзіміра Святаславіча і Рагнеды Рагвалодаўны. З яго імем звязана аднаўленне полацкай княжацкай дынастыі Рагвалодавічаў і палітычнай самастойнасці Полацкага княства.
Даўніна наша раскіданая й па пражскіх архівах, і жаль, няма яе адкрывацеля доктара Грыба, няма дзядзькі Васіля з яго працаю над гісторыяй Беларусі. А іначай жывем мы сянняшнім днём трывожным за лёс Бацькаўшчыны й за лёс найбліжэйшых. Недзе ўжо падзялілі Еўропу, куды самыя хацелі далучылі цэлыя народы, не папытаўшыся згоды на гэта ў тых, хто праліваў кроў...
Ізноў парадкі чужыя, ламанне на іншы манер ужо ломанага-пераломанага, замена багоў і адвечнае праўды людзей і зямлі, на якой гэтыя людзі жывуць з вякоў вечных. Так, не было болей сонца, яно прыходзіць з благаславенствам, а не з грубаю сілаю, якая ўводзіць у душы людскія законы недарэчных адзінак. Эксперымент. Гэта тое, што нас чакала пасля ўсіх жудасцяў мінулай вайны. Мір не бальзам на душы, а мір, як новыя раны, якім не відно канца. Вайна не скончана, яшчэ вярэдзяць душы, і караюць, і выклікаюць за вернасць старому Богу... А Ён глядзіць з вышыні свайго ўкрыжавання, дазваляе блудзіць і ў пошуках розных праўдаў вяртацца ў рэшце рэшт да адвечнае, мудрае: «Любі бліжняга свайго, як самога сябе». Бо на гэтым толькі можа будавацца шчасце й мір на зямлі. Ідэю любові да людзей Ісус з Назарэту прыпячатаў дабравольнай смерцю на крыжы. Не, Ён не гнаў мільёнаў адборнай моладзьі на загубу, каб сілаю ўмацаваць свае ідэі, а на смерць пайшоў сам. Ускрашаў памершых, сцаляў хворых, загадваў кахаць сябе людзям узаемна, быць справядлівымі, не прагнуць чужога, знача, і чужое зямлі. Навучаў. Дванаццаць апосталаў, простых людзей, умацавалі Яго праўду трывальней і мудрэй, чымсьці сяння гэта робяць тысячы газетаў, радыё й тэлебачанне свету! Мудрасць крылатая, яна, як насенне дуба, ляціць і ўкараняецца ўжо на вечнасць. Проста й мудра, велічна й вечна!
А пакуль што збіраюцца ў Празе няшчасныя ўласаўцы, якім лёс дазволіў яшчэ крыху пажыць, бо, падведзеныя Сталіным, адданыя на міласць-няміласць ворагу, яны ўжо даўно гнаілі б зямлю, каб не ратаваліся ў арміі РОА [146] . Хто канаў ад голаду й масавага здзеку над людзьмі, той іх асудзіць не можа. Трагічны іх лёс выклікае слёзы. Зноў тут паняцце двух тыраніяў і ніякае трэцяй магчымасці, каб ратавацца. А калі б хоць капелька разумення людзей, жалю над імі! Самыя разумныя тут будуць гнаныя, як бараны на рэзню, бо розум ні тым, ні другім непатрэбны. Сіла, тупая сіла, але багнэты ніколі не зацвітуць дрэвамі, танкі не ўзаруць пад хлеб зямлі, бомбы — не забаўкі й аэрапланы — не птушкі...
146
РОА — Руская вызваленчая (освободительная) армія, створаная немцамі з рускіх палонных падчас Другой сусветнай вайны.
Напэўна, і ў хрысціянаў быў бы прагрэс, але ён меў бы гуманныя мэты.
Уцякаюць з Прагі масава немцы. Не немцы бягуць у страшную Нямеччыну да недабіткаў у разбураныя гарады, у голад. «Там з кожным днём будзе лепей,— казала мне Ольга Пэтрыўна, сястра Лесі Украінкі,— а там, дзе вы хочаце застацца, ніколі добра не будзе, ніколі...» Як часта я цяпер яе ўспамінаю, але ратунку няма. Мой «сацыяліст» быў шчаслівы, што ўсе паехалі й мая асоба ў яго праўным, супружаскім распараджэнні, а рэшта не мае значэння. Толькі паэты, як птушкі, адчуваюць будучае й церпяць ужо авансам. Здаецца мне — ступаю па нажах і крывавяць мне ступні.
Нехта прынёс нам з чэхаў кусок мяса, парадзілі купіць у запас хлеба. Вечарам маладыя чэхі ходзяць, зрываюць нямецкія напісы на вуліцах і разбіваюць іх аб брук. У нас Вялікдзень, якраз Вялікая Пятніца. Прыйшоў да нас інж. Лось. Ён вельмі разумны ўкраінец, жанаты з чэшкаю, але цяпер другое зарысоўваецца на палітычным гарызонце, і чэшка памалу яго выганяе, ёсць дзеці. Калі б украінка, дык яна пайшла б з ім ахвотна далей на змаганне — чэшцы патрэбныя толькі выгоды й люксус у жыцці, а на гэтае — перспектываў ніякіх...