Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
У Варшаве нешта прадавалі ля цягніка худзенькія хлопчыкі. Брадзілі людзі вынішчаныя й галодныя. На такім фоне ўпэўнена вырысоўваліся сытыя немцы ў ваенным і элегантныя іхнія фрау, якія, здавалася, не бачылі вокал няшчасных ці вельмі ўжо лёгка згадзіліся з іх менейвартасцю. Стала палякаў жаль. Цярпеў народ, а ён, затуманены, думаў некалі, што і ён — пануючая нацыя над намі, цяпер сурова расчароўваўся. Па дарозе ў адным купэ з намі ехалі немцы з водпуску. Сярод іх быў нейкі швейцарац-чыгуначнік, які без боязна высказваўся аб тым, што ён разумее беларускіх партызанаў...
У Беластоку стаялі калоны яўрэяў з зоркамі на рукавах, яны мелі атупелыя твары, бы стаялі тут, а самыя адсутнічалі, вачмі недзе былі далёка. Было трагічна, што нішто іх не можа выратаваць з гэтае прорвы, хоць немцаў, здаецца, не было так многа, вось кінуліся б на іх, і хоць нехта ўцёк бы. Цягнік ляцеў па роднай зямлі, але была яна нейкая пустая. Вясна была яшчэ ранняя, у Празе толькі зацвітаў бэз. На палёх стаяла дагары нагамі, розна ўздыблена многа танкаў, накіраваных на захад. Цяпер яны застылі, як жудасныя манументы трагічнай бездапаможнасці. Ля цягніка, ля палатна дарог ляжала пару паравозаў і перакіненых вагонаў, ля іх шэрыя, болей чымсьці бедна апранутыя жанчыны пасвілі каровы. Мужчыны, якія нешта рабілі на палёх, мелі нейкія ненатуральныя, імправізаваныя шапкі на галовах, як быццам вайна тут трывала вякі й пагінулі ўсе шапачнікі ў Беларусі. На станцыі ў Ваўкавыску насільшчыкі з рыкшамі перавезлі нашыя рэчы на прыгарадны, мясцовы цягнік.
Нарэшце мы ў Зэльве. Ясна ззяе папалуднёвае сонца й асвячае надпіс на станцыі, на гэты раз па-нямецку. Божа, думаю, калі ж дачакаемся мы ўсё на зямлі нашай назваць сваім імем? Едуць нейкія фурманкі, яны ахвотна вязуць да Зэльвы нашыя чамаданы, а мы лёгка ступаем па роднай зямлі, а яна ўжо ад станцыі здаецца нейкай раненай, апустошанай і вельмі, вельмі сіратлівай. У самой Зэльве яшчэ страшней. Немаведама чаму ў руінах увесььь цэнтр, усё разбітае, спаленае. Пажар спыніўся на нашай хаце. Мужаў тата ўзлез на страху й паліваў яе вадою, так абараніў рэшту вуліцы. Хлеў побач згарэў, і відно ўжо стаяць кроквы новага хлява.
Выбеглі да нас бацькі, цалуюць унука, плачуць. Бацька сухі, чорны й босы, чыста жабрак, мама, акуратна апранутая, біла масла, быццам прачувала, што будуць госці. Навокал страшна: попел і руіны. У нашай хаце жыве сям’я Архімовічаў. Гэта тыя, якія за тое, што ўзялі іх у хату, пасля абкрадуць пасмертна мужавага бацьку й зноў будуць старацца выдаць нас на мучэнні паўторна. Успамінаю з жахам аб іх, гэтых найболей пабожных каталіках Зэльвы...
Доўга ў ноч гутарым, і ўспамінам і крыўдам няма канца. Уся душа мая ў родных Жлобаўцах, але паехаць туды нельга, на гэта патрэбны асобы дазвол. Так хочацца пабачыць сцежкі, дзе яшчэ след бацькоў, і што з імі няшчаснымі, і дзе яны сяння. Як страшна, калі бураць гнёзды й забіваюць на зямлі жывое. А гняздо было старое, вялікае, а птушак так шмат. Я адна са сваімі думкамі. Муж мой толькі сведак, яму не баляць ні раны Бацькаўшчыны, ні трагедыя маёй сям’і. Ён мае сваё жыццё, слонімскія большыя й меншыя авантуры рознага характару ды спрэчкі з нейкім там камісарам Эрэнам, які, як пасля аказалася, не супраць яго расстраляць, каб не Прага, не доктар Піпэр у Празе.
Назаўтра ад’язджае муж, я яго праводжу. Яму не ў галаве нейкая там БНР, ні смерць дзядзькі Васіля, ні яго, ні мае бацькі — усё гэта лічыць пяском у параўнанні з важнасцю свае персоны. Я зусім не адчуваю, што ён ад’язджае, мне нейк лягчэй. Сардэчна гутарым з яго бацькамі, а Юра бегае, лётае, у хату лазіць праз вакно й рвецца на поле з пастушкамі пасвіць кароўку.
На другой палове хаты жыве Каця Вікторка з сынамі, мужа стрыечная сястра. Яна нечаму палохае мяне партызанамі, да іх ходзіць нейкі жудасны немец, і мне ўсё гэта дзіўна. Аднойчы яна паклікала мяне на вуліцу. Я ўбачыла жудаснае явішча: паўзло па вуліцы нешта падобнае да малога танка, а насупраць ляцеў на кані поўным галёпам мой шасцігадовы сын! Я махнула рукою, што будзе, тое будзе, неўгамонны малы, патомак сялян дарваўся да свае стыхіі. Людзі яго падзіўлялі. Бацькавага каня забралі бальшавікі, дык ён даваў унуку поўны барэцік гаўса й ён бег да суседа, дзе быў харошы конь. На ім якраз, трымаючыся за грыву, цяпер ляцеў, у жыцці ніколі не сядзеўшы на кані. Ляцеў і хахатаў з радасці.
На месца чатырохкутніка крамаў на зэльвенскім рынку нехта пасадзіў парк маладзенькі. Не было яўрэяў, ні іх шматлікіх крамаў, і тут прайшла тая ж, што ўсюды, трагедыя. У чорнай нейкай хаце жыла ўдава па святару Якабсону, была трагічна счарнелая. Я адведала старушку. Мае знаёмыя паказвалі мне дзетак, якіх выратавалі ад вывазу, і яны цяпер як сіроты. Чаму ж не выратавалі нам хоць Люсеньку? Па Зэльве хадзілі нямецкія салдаты, вельмі страшныя да насельніцтва не былі, шукалі самагон, яйкі, рабілі свой «аерканьяк» [104] .
104
Аерканьяк (польск. ajerkoniak) — яйкавы лікёр.
Нашыя суседзі Байбусы, якім датла згарэла хата, ладзілі вечарынку. Панна Стася з панам Весялухай, сваім пазнейшым мужам, зусім не адчувалі ні гора, ні страху, ні літасці над тымі, што гінулі ў лагерах, на франтах, па лесе... Людзі, знача, адзічэлі, калі ў такі час маглі танцаваць, атупелі начыста. Кожны важны немец меў сабе любоўніцу ў Зэльве, і гэта было яшчэ страшней. Гэта былі полькі пераважна, якім здавалася, што занялі яны адпаведныя, «ключовыя пазіцыі» й зноў хоць такім чынам могуць рабіць супраць беларусаў польскую палітыку...
А на плоце вісела аб’ява, дзе перачысляліся расстраляныя заложнікі, я не дачытала іх да канца... Стагнала толькі раненая зямля, а людзі, як мурашкі, ціха краталіся, думалі аб жыцці. Я папыталася ў адной знаёмай, як жа яна жыве з тым немцам, які, напэўна, забіваў людзей... «Ён няшмат забіў,— адказала,— можа, усяго кільканаццаць асоб, і то, калі забіваў іх, дык быў п’яны...» О, Божа, што робіцца з людзьмі, на гэтакага ж глянуць боязна.
Пачаў заглядаць нейкі фрыц і на наш ганак... Нічога я так у жыцці не баялася, як гэтага чалавека: тоўсты карак быў з незажытымі скуламі, нахабны, сам так і паглядаў у мой бок, і была б смерць мне, каб ён мяне крануў, бо такога я ніяк не стрывала б... А ўсе зэльвенскія дамы лічылі такое за гонар...
Згінь ты, прападзі з такой перспектывай! Немцы за мною шпіёнілі, а нашая пані Каця ў гэтым памагала... Хто ж бачыў такую жудасць? Нарэшце я пайшла да камісара папрасіць, каб дазволіў брату да нас прыехаць. Гэты ветліва прыняў мяне, даў дазвол і выразіў жаданне, каб я засталася настала ў Зэльве.
Славачка прыехаў! Высокі, як дуб, прыгожы. Стаю, паглядаю й плачу. А ён абняў мяне й слова не вымавіць... Ноч напралёт гаварылі мы з ім. Часам было чутно, як ляціць аэраплан, тады Славачка казаў мне, чый ён, арыентаваўся па гуку. Абгаварылі мы ўсе сямейныя, усе партызанскія справы. Расціслаў вельмі хацеў, каб я прыехала ў Жлобаўцы, што партызаны радыя чакаюць мяне. Тым, хто забіў бацьку майго й вынішчыў сям’ю, я не верыла... У дзядзькі майго была дачка, і я думала: няблага, каб Расціслаў з ёю ажаніўся. Ён заязджаў да іх, але калі я папыталася, ці ён кахае яе, хлопец прызнаўся, што кахае іншую, але гэтую возме, бо я так хачу... Я спалохалася й пачала прасіць яго, каб ажаніўся з той, якую кахае. З ніводнай не ажаніўся, перашкодзіла смерць. Ад’язджаў мой брат пакуль што з мужавай мамай у Пятрэвічы.
У Зэльву прыехаў беларускі канцэрт. Артысты прыйшлі да нас запрасіць мяне на яго. Я вельмі хораша апраналася, адзенне ў Празе шылася з густам, і таму на мяне ўсе звярнулі ўвагу й немцы. Я стаяла разам з іншымі жанчынамі, і мяне за руку стуль вывалаклі наперад. Артысты вельмі хацелі, каб і я нешта сваё сказала. Я шчыра паясніла ім, што гэта не для мяне... Канцэрт быў вельмі добры, і мясцовы бацюшка запрасіў артыстаў да сябе. Там пры чарцы ім вельмі развязаліся языкі, амаль кожны тост быў за мяне. Паразбіралі ўсе драбніцы з мае сумачкі сабе як сувеніры, а тоўсты немец пачаў пытацца, што я за такая важная персона, няўжо нельга ўспомніць таксама і «Дойчлянд» [105] ? У людзей выявілася ўся нейкая спрэсованая нянавісць да ўсяго, што не наша, было дзіўна.
105
Deutschland (ням.) — Нямеччына.
Назаўтра быў ужо Славачка. Яшчэ з усходам сонца зноў пад вакном паявіліся артысты, яны клікалі мяне. Усе мы пайшлі на зэльвенскія могілкі, скуль было відаць Зальвянку й другі яе бераг, які ўжо лічыўся «Остлянд», а мы былі «райх»... Смешна, каб не трагічна... Мы маўчалі, сэрцам ахапілі ўсю нашую зямлю, гутарылі, што хацелі, не верылі ў нейкіх даносчыкаў спасярод нас... Пасля пасядалі, хлопцы мелі гарэлку й закуску. На першай траве выпілі па чарцы, пакаціліся слёзы. Хораша ляжаў, выцягнуўшыся на траве, Славачка, быў задуманы.