Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Як мне расказалі чэхі, дык фрау Нот старалася заўсёды змякчыць, змяніць суровыя загады таго часу й вельмі актыўна памагала чэхам. Яна паклікала пры мне сваю сакратарку й загадала ёй пускаць мяне да яе ў любы час, калі я пажадаю. Памагла яна мне лёгка замэльдаваць святароў, яна проста загадвала гестапа, і яе слухалі. Таго чэха мы запрасілі на пачастунак, на чарку. З фрау Нот мы шчыра пасябравалі, і я магла памагаць цяпер, каму мне толькі трэба. Вельмі міла частавала мяне яна ў сваёй багатай арыгінальнай кватэры, расказвала пра свайго жаніха, які працаваў ваенным хірургам. Кожны дзень яна пісала яму лісты.
Хутка ўладкавала я сваіх гасцей на кватэры. Для мяне не было немагчымасцяў, і людзі радыя мне памагалі, чым толькі маглі. Не паспела сказаць Міціным, як яны ўжо адпусцілі адзін пакой для сям’і айца Балая, а Лапіцкія пасяліліся ў Моджанах з пані Крэчэўскаю ў кватэры дзядзькі Васіля, за якую мы плацілі. Забылася яшчэ адну рэч: пакуль да фрау Нот, дык святарам сказалі, што іх не прапішуць, бо яны не маюць працы. Лапіцкі быў задуманы й нарэшце паказаў мне чарнавік, які напісаў яму Ермачэнка. Знача, святар і там ужо быў...
Ермачэнка надыктаваў, што ён быў у Менску чалавекам веруючым, гуманным, памагаў удовам, сіротам, царкве і г.д. Адна хлусня, прытым несусветная, якую Лапіцкі меўся падпісаць. Я адабрала ў яго гэтую пісульку й сама пайшла да пражскіх святароў, да айца Ісакія. Кажу яму: «Ратуйце нашых святароў, грошы яны маюць, дык вы дайце ім толькі працу на вока, каб іх тут у ціхай больш-менш Празе затрымаць». Гэта мне яны зрабілі з радасцю й загадалі, каб айцы ўвечары ўжо прыйшлі служыць вячэрню! Во яны здзівіліся, калі я ім сказала йсці служыць, а калі яшчэ схадзілі мы да фрау Нот і ўсё без Ермачэнкі цудоўна ўладзілася, дык айцец Мікалай Лапіцкі й кажа: «Няма ў вас апартаментаў адпаведных, ні машыны, ні нават каракулевага пальта, і вы можаце зрабіць усё, што хочаце, у Празе, прытым чэснымі шляхамі...» А Ермачэнка недзе ўжо тую паперку гатовіў сабе для наіўных амерыканцаў... Ну й ну... Загневаўся ён на мяне страшна. Пачаў пісаць і вымагаць ад мяне, каб здавала ў архіў усё, што датычыць Беларусі. Паслала я яго вон.
У Прагу прыехала й дачка Р. Астроўскага з зяцем, і гэтыя ўсясільныя людзі прыйшлі да мяне з просьбаю дапамагчы. Ім далі дазвол на пражыванне ў Празе, а вось працы мужу-лекару не давалі... Павяла я іх на Чэшскі Град да доктара Піпэра. Смешна, у тым Чэрнінскім палацы я як удома, быццам некалі там жыла, вось дзіва... Піпэр як Піпэр — прыняў мяне ласкава, даў Мінкевічу [138] працу ў найлепшым пражскім шпіталі на Булёўцы. Я яго пачаставала папяросамі, якія заўсёды насіла з сабою ў партсігары дзядзькі Васіля, каб не абразіць, закурыла й сама. Першы раз у жыцці.
138
Мінкевіч Мікалай (1909—1980) грамадскі дзеяч, падчас Другой сусветнай вайны працаваў дырэктарам Беларускай медычнай школы ў Баранавічах, быў асабістым лекарам Р. Астроўскага; з 1944 г. жыў на эміграцыі (у Аргентыне і ЗША).
Памагалі мне ўсе: чэхі, немцы, эмігранты, камуністы й нацыяналісты, свае й чужыя. Я дзякавала Богу, што не пакідае нас адзінокіх у чужым народзе й сэрцы чужых людзей робіць для нас спрыяльнымі й адданымі, а сэрцы землякоў нашых — роднымі, кахаючымі імя й асобу маю, майго сына й майго мужа, і гэта ў часы, калі так страшна. У Прагу пачалі з’язджацца ўцекачы з Беларусі, з Украіны. Да пані Косач-Шыманоўскай прыехалі яе сёстры, абедзьве сядзелі ў савецкіх лагерох. Вельмі мілыя, у хустачках, скромныя, вучылі мяне розуму, і мне жаль сяння, што я іх не паслухала.
Амаль усе землякі знаходзілі мяне, нашую хату. Гэта былі пераважна гарачыя патрыёты, якія з болем ад’язджалі ў свет, і толькі таму, што бесперспектыўнасць беларускай нацыянальнай працы пры саветах была ім ведамая даўно. Калі паўставала пытанне: свабода ці Бацькаўшчына — людзі выбіралі свабоду. Не ўсе да нас заязджалі. Ехалі нейкія Аўдзеі й Баўдзеі, якія, казалі, вельмі нажыліся ў часы апошняй вайны, гандлюючы гарэлкаю й прадуктамі ў час голаду. Такія наведвалі Ермачэнку; з намі яны не мелі б аб чым гаварыць. Астроўскі з сям’ёй пакуль што спыніўся ў Русака, да нас зайшоў толькі аднойчы й то на малую хвіліну. Відно было, што яны не любяць мяне. А вось усе няшчасныя, са свежым болем па пакінутай Бацькаўшчыне, былі ў нас сталымі гасцямі. Разам мы бедавалі. Прыйшоў час маім землякам паглядзець на шырокі, зусім іншы ад нашага традыцыйнага, свет.
Юрачка шчыра апекаваўся ўцекачамі. Вучыўся ён надзіва добра. Калі часамі паяўляліся горшыя ацэнкі, дык амбітны хлопчык сядаў за заняткі паважна й зноў ганарыўся поспехамі.
27 ліпеня 1944 года скромна адсвяткавалі мае трыццаць чатыры гады. Муж купіў мне залаты пярсцёначак з аметыстам, і я загледзелася ў сіні колер цудоўнага каменьчыка. Мне тады прыпомніліся вочы майго серадольшага брата Аркадзя — такія ж былі беззаганна сінія. Якраз у гэты дзень ён аддаваў Богу душу недзе ў Ларэта ля Рыма ў арміі генерала Андэрса. Аб гэтым прыйшла вестка пасля вайны. Не пісалі да нас болей і Расціслаў, і мужавы бацькі. Страх аб іх лёсе спыняў дых. Усе ратаваліся, уцякалі, а Расціслаў шукаў маці, якую вельмі любіў. Дарма, усё дарма, вера ў дабро можа быць толькі ў гуманных, дэмакратычных дзяржавах.
Прыехалі ў Прагу паэт Сяднёў, дацэнт Жарскі, Русак. Гэта былі пераважна савецкія людзі, і той вялікай, амаль святой любові й ахвярнасці для Радзімы ў іх не было. Я з імі не знаходзіла супольнае мовы, часам іх адносіны выглядалі як правакацыя. Не пазнаць было, што мае для іх вартасць у жыцці і ў што яны вераць... Час быў нялёгкі, што чакала расцярушаных па цэлым свеце, што чакала тых удома ў супольным суровым расейскім катле? Ці хоць яшчэ пару дзесяткаў год застануцца сабою?
Нам было найгорай, да ўсіх пакутаў таго часу мы яшчэ радзіліся «кулакамі»... Гэтае слова самое забівала нявінных, сіраціла дзяцей, гнала на высылкі, турмы, на несказаныя цярпенні. Гэта былі, як яўрэі пры Гітлеру — усе амаль ужо гэтым адным словам асуджаныя на загубу. Гэтае слова, як выпалены агнём знак, відно на чале маім нават сяння. Нясу яго, як пакуту й як нейкі церпкі гонар тых, якія пагінулі ў муках... Сяння асабліва. Гэтых пячацяў «менейцэннасці» ў мяне болей, як у іншых, і ўсё я нясу гэта горда! Некалі ж было ўсё толькі для палякаў, пасля — «нур фюр дойчэ» [140] , а цяпер толькі для тых, хто ў партыі ці хто даносіць. У градацыі савецкай я на найніжэйшай перакладзінцы: 1 — беларуска, 2 — паэтка непаслухмяная, 3 — «кулацкое отродье», 4 — зэк!!! 5 — хрысціянка, якая верыць і не баіцца! 6 — сын у Польшчы, 7 — сябры па цэлым свеце, 8 — смяротна вінаватая за тэстамент... Па ўсіх гэтых пунктах адзін жах. Хоць ты не жыві на свеце, а я яшчэ нейк жыву. Жыву й сама дзіўлюся гэтаму.
140
Nurf"urDeutsche (ням.) — толькі для немцаў.
У Празе памёр украінскі паэт Олэсь [141] . Было вельмі многа людзей на пахаванні. Аддалі яму сваю павагу й беларусы. Я вельмі любіла ўкраінскага журналіста Алега Лашчанку, гэта быў палкі й разумны патрыёт, своеасаблівы ў падыходзе да людзей, якіх ацэньваў нейк інстынктыўна на вартасных і паганых. Заўсёды ён ведаў нешта новае, добрае. Ненавідзеў немцаў настолькі, што аднойчы, калі я хацела пазнаёміць яго з фрау Піпэр, дык ледзь, вельмі не хочучы, толькі падаў ёй руку. У мяне было шмат знаёмых, нават сяброў між чэхаў, а ён прызнаваў толькі ўкраінцаў і то не ўсіх. Затое калі ўжо паверыў некаму, дык назаўсёды. У людзях амаль не памыляўся.
141
Олесь Аляксандр (сапр. Кандыба; 1878–1944) — украінскі паэт.
Чэхі былі амаль стопрацэнтна супраць немцаў і прагна чакалі рускіх, вельмі ружова рысуючы сваю будучыню пры іх. У нас наконт гэтага ніякіх ілюзіяў не было, горкай практыкай лягла на маю сям’ю хваленая рознымі агентамі ўсходняя культура. Перспектыва была нецікавай. А час ляцеў, і вясною пачалі людзі пакідаць Прагу. Цягнікі былі поўныя, людзі лезлі вокнамі, ехалі пад амерыканскія бомбы, а ўсё ж ехалі.
Старшынёй Праскага камітэту самапомачы быў Аляксандр Русак. Камітэт знаходзіўся ў яго на кватэры, куды ён памясціў і Абрамаву [142] з сям’ёй, калі яна прыехала ў Прагу. Зрабіў гэта на маю просьбу, але хутка я пашкадавала свае даверлівасці. Абрамава вельмі хутка напісала на Русака данос у гестапа з тым, каб атрымаць ягоную кватэру. Мы вельмі расчароўваліся ў т.зв. савецкіх людзях-беларусах, яны йшлі ўсімі абманамі да сваіх шкурных мэтаў, не ведаючы ніякае этыкі. Былі спрытнымі й хітрымі, іх метады былі часам страшныя. Гэта былі ваўкі. Ніякае дабрыні ці міласэрнасці й ніякіх граніцаў для зла. Гутарка з імі не акрыляла, а настарожвала тым, што прыніжалі яны лепшае ў людзях і людскасці. Здавалася, што цяжкія варункі жыцця даўно ўжо забілі ў іх розныя ідэалы, акрамя тых, якія ў даны мамэнт аплочваліся. «Што гэта, матэрыялізм?» — думала я сабе, старонячыся ад іх...
142
Абрамава Надзея (Тэадаровіч; 1907–1979) — загадчыца жаночага аддзела Саюза беларускай моладзі, уваходзіла ў кіраўніцтва БЦР падчас правядзення Другога Усебеларускага кангрэса ў Менску (1944); пасля Другой сусветнай вайны жыла ў Заходняй Нямеччыне.
Прыемным выняткам з гэтае масы былі Міціны з Кіева. Яны нейк спалучалі ў сабе шляхотнае й практычнае й заставаліся прытым вельмі харошымі, інтэлігентнымі людзьмі. Сябры прасілі мужа, каб выязджаў з намі і ён. «Не, я сацыяліст, — цвердзіў муж, — і я тут застануся». Тады яны прасілі, каб нас з Юраю пусціў з імі выехаць, што нас не пакінуць, выратуюць, дагледзьяць. «Не, — цвердзіў муж, — сына не дам, а калі жонка хоча, няхай едзе сама без дзіцяці». Я маўчала. Мяне калаціў ніколі яшчэ няведамы страх з таго, што чакала нас наперадзе. Маё найбольшае жаданне было ехаць як найдалей з Прагі, каб пазбегнуць лёсу маіх бацькоў, які быў страшнай рэальнасцю. Вялікай мужнасцю было стрымаць сябе й не ўцячы, калі ўцякалі найразумнейшыя.