ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

Еду я адна. Я не звярталася цяпер да фрау Піпэр, але яна сама прыйшла да нас, каб ратаваць мяне. Было позна, ехаць было трэба. З Прагі ехаў яшчэ, паводле таго ж загаду, і інж. Васіль Русак. Знача, мы ўдваіх. Думаць не было часу, у жылах яшчэ была маладосць і страх, адзіны страх толькі за сваю сям’ю, а яна застаецца ў Празе.

У Прагу прыехаў якраз Адольф Клімовіч [110] . Ён затрымаўся ў нас. Прыехаў, каб ратаваць беларусаў. Беларуская хадэцыя пастанавіла ратаваць сваіх, пераправіўшы іх у Чэхаславаччыну, дзеля таго й прыехаў у Прагу Клімовіч. Ведаючы адносіны бальшавікоў да рэлігіі, можна было спадзявацца вынішчання, фізічнага вынішчання нешматлікіх беларускіх хадэкаў. З немцамі ім было не па дарозе, і яны не хацелі ўцякаць з імі разам. З кароткай гутаркі з Клімовічам было відно, што чэхі арыентуюцца толькі на рускіх, чакаюць іх і хочуць паспрабаваць супрацоўнічаць з імі. Клімовіч прадбачыў канец такога кантакту й высказаў свае меркаванні, але хто не спрабуе, той не паверыць тым, якія ўжо добра пазналі адных і другіх. Чэхі лічылі сябе найболей культурнымі й разумнымі з усіх славянаў, і ім здавалася, што яны ў падобным саюзе будуць мець гегемонію над адсталымі расейцамі і ўсімі славянамі, што ўсё будзе паводле іх планаў, асабліва ўся эканоміка. Іх пераканаць у тым, як яны памыляюцца, было нельга. Што ж, каго Бог хоча пакараць, таму адыме розум.

110

Клімовіч Адольф (1900–1970) — беларускі грамадскі дзеяч, журналіст, выдавец.

Я прыгатавала крыху прадуктаў, што ў вайну можна было прыгатаваць, каб Янка меў дастатак. А Юрачку мы аддалі Ружэне Вітмаеравай, жанчыне, якая часта наведвалася да нас і была, здаецца, савецкай шпіёнкай, але тады мы аб гэтым не ведалі. З сабою я амаль нічога не брала, апрача бутэрбродаў і бутэлькі каньяку на ўсякі выпадак. Муж і Клімовіч праводзілі мяне да цягніка. Я ўбачыла, што забылася ўдома свае невялікія грошы й партманэ. Клімовіч па іх паехаў. Быў гэта ўжо з самага пачатку нядобры знак.

Нарэшце я папрашчалася з імі, і цягнік рушыў. Муж плакаў слязмі. Ехалі мы да граніцы з Польшчаю. Русак маўчаў, ён нешта думаў і толькі соп, я да яго не аказвалася. З намі ехала сям’я вельмі цікавых людзей. Яны папыталіся ў мяне, куды мы едзем. Даведаўшыся праўду, не маглі супакоіцца... Яны гатовыя былі вярнуць мяне сілаю назад, прадбачылі найгоршае. Яны слухалі забароненае радыё, чаго баяліся рабіць мы. Пару гадоў ужо, як нам дасталі кароткія хвалі з радыёпрыёмніка й на гузічак начапілі картку, у якой было, што за слуханне чужога радыё грозіць смерць. Баяліся мы за сына. Часам толькі прыходзілі Міціны і ўсоўвалі ў прыёмнік шпільку. Нехта стаяў на вахце, і такім чынам слухалі забароненае. Баяліся мы дворнічыхі, і нездарма. Усемагутная даносчыца пры немцах, такой жа была пазней і пры бальшавікох.

Чэхі папрасілі ў мяне мой адрас, далі мне свой. Я абяцала ім паведаміць адразу аб сваім падарожжы, безумоўна, калі вярнуся, на што, паводле іх, было мала надзеі. Бліжэй Польшчы паявіліся немцы, якія ехалі дамоў на «урляўб» [111] . Былі гэта, відавочна, «фольксдойчы» [112] , бо гутарылі па-польску. Везлі яны з Італіі шаўковыя панчошкі, шоўк і іншыя падарункі сваім дамам. Сярод іх выдзяляўся вельмі восьтры на язык аўстрыяк у скураных кароткіх нагавіцах, малады яшчэ. Я маўчала, але ён нешта ў мяне запытаўся абыякавае, я адказала яму паважна, мусяла сказаць і тое, куды я еду. Аўстрыяк, які ехаў мабілізавацца ў Варшаву, вельмі спалохаўся, ён таксама рад бы вярнуў мяне дамоў, але мы пад’язджалі ўжо да польскай граніцы.

111

Urlaub (ням.) — водпуск.

112

Volksdeutsche (ням.) — немцы, якія жылі за межамі Германіі.

Мы пераходзілі ў польскі цягнік, а пакуль што йшлі на таможню. Аўстрыяк узяў мае рэчы й пэўна стаў побач мяне. Я ў жыцці не бачыла такога страшнага, зверскага чалавека з седлаватым носам, як той галоўны таможнік. Ён енчыў, рваў, кідаў рэчы й наводзіў на ўсіх жах. Палякі нейк не палохаліся, яны, відавочна, прывыклі, але ў Празе падобнае было хіба толькі на гестапа. У мяне быў пашпарт без грамадзянства, але звер схапіўся толькі за маю кніжку «Ад родных ніў», ён трос ёю й нешта крычаў, што тут за «русіш літаратура». Спалохаўся й мой спадарожнік і папытаўся ў мяне, што за кніжка. Калі я яму расталкавала, што кніжка мая, выданая ў Празе, ён праверыў гэта, пагаварыў нешта са зверам і, схапіўшы мой чамадан, павёў мяне хутчэй у цягнік. Я мусяла сказаць яму, што я паэтка, што прывяло фрыца ў захапленне. Дзіўны быў гэта чалавек — прозвішча было ў яго славянскае. Ён зусім перамяніўся й ледзь не плакаў, што мне трэба ехаць у самае пекла. Ён запрасіў мяне на абед у рэстаран-вагон, дзе шчодра дазваляў абстрыгаць свае картачкі на нас дваіх. Я запрапанавала яму каньяк, а ён мне аддаў свой дэсерт. Немцы на нас паглядалі, але ён трымаўся як джэнтэльмен. У Варшаве ён завёў нас з Русаком у пачакальню для немцаў і не адышоў ад мяне, пакуль не здаў мяне на рукі доктару Шчорсу [113] , якога аднайшоў у Варшаве, і не пераканаўся, што гэта зусім парадачны чалавек і мне нічога не грозіць. За ўсё гэта прасіў толькі, каб я яму адказала на ліста, калі ён мне напіша ў Прагу. Як жа сардэчны, як жа харошы быў гэты чалавек, быццам Піпэры.

113

Шчорс Мікола (1913—1995) — грамадскі дзеяч; у гады Другой сусветнай вайны ўзначальваў Беларускі камітэт у Варшаве; з 1944 г. жыў у Нямеччыне, пазней выехаў у ЗША.

Варшава здалася мне сумнай, без люднай. Кожны дом, дзе былі немцы, быў аплецены калючым дротам. Гэта падняло маю павагу да палякаў. Месцы ў трамваях былі падзеленыя для палякаў і немцаў. Людзі на вуліцах былі настарожаныя, сумныя, апранутыя вельмі скромна.

Шчорс вёз нас да сябе, дзе ля шпіталя была ў яго кватэра. Мы спачатку пайшлі з ім да яго маці, якая ляжала пасля аперацыі на апендыцыт. У Шчорса былі яшчэ сябры з Берліна. Ехаць на Кангрэс ён не збіраўся й дзівіўся, куды гэта нясе нас.

Мне вельмі хацелася ведаць, што ж задумаў на гэты раз Ермачэнка... Неабыякавасць яго да мае асобы настарожвала.

Назаўтра раненька мы ўжо ехалі ў напрамку Беларусі. Каля Беластоку ўжо пачалі паяўляцца цягнікі пад адкосам, і штораз то іх было болей. Цягнік ішоў толькі да Ваўкавыска, а там былі толькі цягнікі вайсковыя, на якія нас ніхто не хацеў браць. Русак, як пень, нічога не думаў, не прадпрымаў, сядзеў, соп і драмаў. Мне сказалі, каб я звярнулася да нейкага начальніка. Той быў вельмі расстроены. Сумна паглядзеў на мяне й папытаўся, ці не баюся. Кажу яму, што не баюся й ехаць нам трэба. Ехалі мы, мінаючы Зэльву, а там недзе быў брат мой, былі мужавы бацькі, але спыняцца цяпер ля іх было небяспечна і мне, і ім. Спыніцца ў такі час — гэта знача, застацца назаўсёды, а ў Празе чакала дзіця.

Нарэшце селі мы ў цягнік, дзе ўсе ваенныя й ніводнай жанчыны. Акружылі мяне немцы, якія ехалі з адпускоў у Менск. Яны хвалілі беларусаў, баяліся партызанаў. Да цягніка падбягалі дзяўчаты з маслам і яйкамі, адной з іх я пачапіла свае пацеркі, так мне хацелася нешта пакінуць тут.

Мне вельмі хацелася піць, пад’язджалі да Мастоў. Усюды былі надпісы «толькі для немцаў», гэта было аж страшна, і мяне проста ўзрывала ад гэтага. Я ўвайшла ў буфет і кажу: «Я не немка й хачу піць, вось вам грошы, папрашу ліманад». Мне далі бутэльку, і я яе забрала ў цягнік. Адпускнік немец парадзіў мне болей гэтага не рабіць. А як жа тут вытрымаць, калі кожная нечысць толькі й ведае, што заводзіць у нас розныя свае парадкі, абсалютна не беручы пад увагу карэннага насельніцтва краіны, яго найсвяцейшых правоў... Колькі ж будзе такое трываць?..

Цягнік ляцеў насупраць ночы. Ля палатна дарогі паваленыя цягнікі й бункеры, бункеры. Лясы высечаныя ля чыгункі шырокаю паласою, а далей шэрыя хаты, саламяныя стрэхі, і бяда там, напэўна, і страх. Яшчэ толькі шчасце, што корміць зямля, а нашыя ўмеюць пражыць і на камені...

У нашае купэ набілася немцаў, усе мне нешта расказваюць. Гэта танкісты. Я не ўсё разумею, стараюся слухаць. У іх страх, боль і нейкая безнадзея, наракаюць на ўсюды існуючых партызанаў. Адзін немец пытаецца ў мяне, ці не баюся так адна між самымі мужчынамі? Кажу, што не, што немцы, іх ваякі — рыцары, ілгу як нанятая. «Ну, мы рыцары ў сябе ўдома, а на заваёваных землях мы не рыцары», — кажа фрыц. «Што ж, — адказваю, — сапраўдны рыцар — усюды ён рыцар», — і гляджу немцу ў вочы, ён іх адварочвае ўбок.

Але вось спыняецца цягнік, чутно стрэлы. У купэ ўваходзіць афіцэр, разганяе кампанію й кажа: «Тут будзем стаяць ноч, ля цягніка ёсць бункер, але ён толькі для немцаў, калі баіцеся ў цягніку, можаце йсці ў бункер». Я кажу: «Так, я вельмі баюся, але ўсё ж застануся тут, дзякуй вам за ласкавасць». Афіцэр выйшаў. Русак соп у кутку, недзе стралялі, зрабілася вельмі халадно. Я, здаецца, задрамала. Пад ранкі пачаўся рух, салдаты запалілі малую печачку, стала цяплей. Ля нас паявіўся шустры немец, якому круціліся вочы, ён усё выпытваўся: чаго мы едзем, скуль, хто мы?

У тым часе Русак дастаў карту Беларусі, якую нарысаваў яму некалі Жук, дзе граніцы Беларусі больш-менш былі згодныя з нашымі этнаграфічнымі. Карта ў руках цывільнага пасажыра збянтэжыла немца, ён вырваў яе Русаку з рук і пачаў разглядаць і крычаць нешта. Я тут крыху спалохалася, дзе ж такое рабіць, едучы насупраць фронту. Дала я немцу бутэльку з каньяком, паказала дазвол з Прагі, каб толькі ён ад нас адчапіўся.

На лініі стукалі, нешта строілі, што ноччу папсавалі партызаны. Выехалі мы позна. Наперад ішла пляцоўка з пяском, ехалі памалу, спыняліся. А цягнікоў паваленых было не пералічыць. Адзін ляжаў, і дым яшчэ йшоў з паравозу. Ну й партызаны! На нейкай станцыі насядала салдат, вагон быў поўны, ехалі яны на фронт. Мне гэта ніхто не казаў, але выгляд іх быў дзіўны, у адных нейкі адсутнічаючы, у другіх атупелы. Задуманыя трагічныя твары з зачыненымі вачыма. Адзін еў, другі разглядаў фатаграфіі, і здавалася, што плюнуў бы ён на гэтую ўсю бойню, каб мог бы, і ўцякаў бы да свае сям’і. Думалася: якое гэта варварства — вайна, якое ўзаемнае забіванне...

Поделиться с друзьями: