Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Далей ад Менску перапынкі рабіліся меней частымі, на адным з іх злез і немец, які задаў нам такое пытанне. Быў кульгавы й памаленьку пайшоў ля вагонаў. Калі вярнуўся, дык прынёс і падаў мне букецік васількоў, нічога не сказаў пры гэтым, відно, што нас зразумеў. На адным такім перапынку выцягнулі мяне сябры з вагона. Была гэта нейкая станцыя. Здалёк бег хударлявы святар, і каса толькі паддзыгала яму на шыі. Відно, спяшаўся, каб уцячы ад фронту. Мяне паклікалі ў вагон, дзе я ледзь не абамлела: на лаўцы стаяла бутэлька гарэлкі, закусь, каля яе Ярэміч [127] і жудасны Сцяпанаў — разам выпівалі... О, сябры мае наіўныя, беспрынцыповыя, недальназоркія...
127
Ярэміч Фабіян (1891—1958) — палітычны і грамадскі дзеяч; падчас Другой сусветнай вайны працаваў бургамістрам Барысава. Быў арыштаваны НКУС і асуджаны. Пасля вызвалення ў 1956 г. жыў у Вільні.
А цягнік прыспяшаў бег. Сябры апусташалі мой радзікюльчык, усе прасілі ў мяне сувеніраў, давалі свае. За вокнамі мільгалі сёлы, шэрыя яшчэ хаты й жанчыны ля іх, танклявыя, шэрыя, зажураныя. Зусім як на абразах Мірановіча. Мы стаялі з ім і спрачаліся. Я бачыла заўсёды нашую Беларусь гожай, квітнеючай, радаснай. Ён мне даводзіў, што памыляюся, а я яму казала, што бачу наперад. Па дарозе людзі вылазілі, і стала вальней. Па шляху раўналегла з цягніком ехала безліч машынаў — ні канца, ні пачатку... Немцы ўжо асвоіліся з намі зусім, толькі мы на іх мала звярталі ўвагі. Паволі сядала сонца, развітальныя яго праменні клаліся на высечаную ад дрэў паласу, на палі, на сёлы, а там было маё сэрца й мае вочы. Мне здавалася: бачу свой дом, цяжка ступае тата па сцежцы, смяюцца сёстры, гамоняць браты й мама клапоціцца, як прыняць і чым пагасціць мяне, дзіця, адарванае ад яе сэрца. Заўсёды ўдома, калі заходзіла за хатаю сонца й апошнія яго праменні нейк трагічна лізалі ўзгорак нашага панадворка, мне рабілася трывожна й сумна за заўтрашні дзень. Сэрца шчамілі прадчуцці нядобрага, і я бегла дамоў, абвівала рукамі бацькаву шыю, стаўшы на цыпачкі, ці туліла голаў на маміны грудзі. Яна як бы крывілася крыху з маіх такіх дарослых нечаканых пяшчотаў, але адчувалася, што шчаслівая гэтым, бо замаўкала й выцірала вочы. У такія хвіліны я цалавала галованьку Люсі й раз сказала на свінню нашую «свіначка-дзецятко», чым мяне пасля доўга падрочвалі [128] . Я дзякую таму часу за любоў да мяне амаль усіх стварэнняў, дрэваў і самой зямлі. А можа, гэта я ўсё так кахала тады?
128
Падрочваць (дыял.) — пацвельваць, дражніць.
Яшчэ маленькая я мела вялікае перажыванне. Мне расказалі пра рай і пекла, і я ўсё думала, як зрабіць, каб мае каханыя бацькі не трапілі ў тое пекла, няхай ужо лепей я за іх адпакутую. Начамі не спала я, часта плакала й вельмі хацела хутчэй памерці. Гэты жах непакоіў мяне вельмі доўга. Я была пабожнай з пялюшак, як з пялюшак ужо была вернай дачкою свае Беларусі. Худое, хворае, брыдкое дзіця, закаханае ў бацькоў сваіх і ў родную стыхію. Слёзы ліліся на рукі, а цягнік ляцеў. Пекла не мінавала бацькоў маіх, вораг разбурыў нашае гняздо, а я вось бяссільная, першы раз бяссільная ў жыцці й каб памагчы ім, каб іх ратаваць. Успомнілася, як бягом спяшалася дамоў з Ваўкавыска такая малая, вечна задуманая. «Кудэмі йшла, дачушка?» — пытаўся раз тата. «Бегла на Лазы, наўпрасткі»,— адказваю. «Ах, дзіця маё, толькі што мы пагналі тудэмі трох ваўкоў, разарвалі цялушку...» Ага, цяпер разумею, чаму так раўлі каровы ля кустоў. Усё праносіцца ў памяці, і так хочацца бачыць маці й многае, многае ёй расказаць...
Я не пішу аб каханні, не люблю выкладаць людзям таго, што часам моцна закранала сэрца. Усё гэта мінала, праходзіла, рабілася буднем, а любоў да братоў, да зямлі, да Бацькаўшчыны была заўсёды ясным, божым святам у маёй душы, і за яе я пераносіла пакуты й не маргнуўшы вокам пайшла на мучэнні, несучы імя яе высока як святасць, імя маёй Беларусі...
Наступіў вечар. За Лідаю цягнік ужо не спыняўся амаль, а пёр што меў сілы. Відно, што там меней было партызанаў. Немцы пачалі спяваць пра «гаймат» [129] , як-ніяк яны былі радыя, што едуць дамоў. Мы пазлазілі ля Вільні й пайшлі да Ярэміча, які нас усіх запрасіў. Жонка яго, полька, і дачка не вельмі былі радыя нашаму масаваму нашэсцю, але нас частавалі, і хутка я адпрасілася спаць. Мужчыны яшчэ разважалі. Назаўтра я там адведала сваю куму пані Маліцкую. Яна вельмі чакала рускіх, бо паявіўся нейкі ксёндз, які іх запэўніў у бацькаўскай любові Сталіна да ўсіх каталікоў. Ксёндз той — ці прадажнае, ці наіўнае стварэнне, быў тады вельмі папулярным у Польшчы. Мы развіталіся рана з Ярэмічамі й паехалі ў Вільню прыгарадным цягніком. Твар мне абветрыў, папухлі ногі. Ішлі мы пад Востраю Брамай да Найдзюкоў. Езавітаў яшчэ купіў мне па дарозе ягадаў, Мірановіч нёс марожанае, як малой...
129
Heimat (ням.) — радзіма.
Я з любоўю на іх паглядала й думала толькі, каб яны выратаваліся жывыя з гэтае ўсёй бяды. У Найдзюка нас міла сустрэла яго дарагая сямейка, асабліва жонка. Нас вельмі шчодра пачаставалі. Езавітаў і Мірановіч сабраліся ў Рыгу, ім яшчэ трэба было ратаваць багатыя свае архівы. Мы развіталіся, як найраднейшыя. Болей у жыцці мы не сустрэліся.
З Найдзюком і яшчэ з адным сябрам мы пайшлі паглядзець Вільню, дзе я была першы раз. Зайшлі да ксяндза Адама Станкевіча [130] , быў ён рады. Мой сябра папярэдзіў мяне, што з палітыкаю ксяндза не згодны, але трымаўся ветліва. Ксёндз Адам адразу выклікаў да сябе мой давер, мы разглядалі яго кнігі. Якраз прыехаў з Прагі Клімовіч і расказаў аб беларускім духу нашае хаты на чужыне. Ксёндз быў узрушаны. Пасля мы пайшлі на Лукішскі пляц, дзе авеяла нас духам мужнасці Кастусёвай [131] і вялікай адказнасці за лёс свайго народу, мовы яго, культуры. Нам не зарысоўвалася нічога светлага, акрамя мураўёвых [132] , як за Кастуся, але слабейшымі быць мы не мелі права. За нашымі плячыма ўжо былі гекатомбы ахвяраў за Беларусь. Ішлі мы рознымі напрамкамі, кожны змагаўся, як умеў, і калі змагаўся за свой народ шчыра, знача, і гэта залічыцца. Апошні ўздых Кастусёў не дасць нам спыніцца ў самым адчайным нашым змаганні за лёс Бацькаўшчыны... Я адчувала гэта.
130
Станкевіч Адам (1891–1949) — рэлігійны і палітычны дзеяч, гісторык і публіцыст; загінуў у Гулагу.
131
Лукішскі пляц, дзе авеяла нас духам мужнасці Кастусёвай…–на віленскай плошчы Лукішкі 22 сакавіка 1864 г. быў пакараны смерцю Кастусь Каліноўскі.
132
Мураўёў Міхаіл Мікалаевіч (1796–1866) — дзяржаўны дзеяч Расіі, душыцель беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, за жорсткасць празваны «Вешальнікам».
Вечарам доўга па-беларуску гаварыла радыё, мы слухалі. Ноччу прыязджалі ўцекачы з Беларусі сумныя, на адлёце далей. Назаўтра мы пайшлі на станцыю. Цягнікі не йшлі. Мы доўга сядзелі. Найдзюк пацяшаў мяне, дзякаваў мне за ўсё, за дух маіх вершаў: «За тое, што ты такая...» Ішоў ваенны цягнік, а ў нас не было ні папераў, ні білетаў, дый гутарылі мы абое па-нямецку пагана. Што рабіць? Мы накуплялі нямецкіх часапісаў са свастыкаю ды з фюрэрам, як мае быць, і селі. Што ж, могуць нас расстраляць — тут без дазволу... Але страху ніякага! Увайшоў немец, а мой сябра паказвае на паліцу, дзе ў чамадане паперы, а сам гартае «Сігналы» (быў такі часапіс). Пранясло... Я крыху спацела.
На літоўскай граніцы з Пруссю мы вылезлі. Тут ужо мы ад дэзінфекцыі не адкупіліся. Прыйшлося ўсё аддаць у пражарку, і мае пражскія ўборы былі як пажованыя. Вокал было шмат фурманак, гэта ехалі коньмі расейцы ў Нямеччыну, свяціў на іх месяц. Пару кіламетраў ішлі мы пехатою да граніцы. Там ад нас патрабавалі паперы, але відно было, што мы еўрапейцы, ды прытым я захапіла ў Наталлі Арсенневай крыху тытуню на ўсякі выпадак, якім і пачаставала пагранічнікаў. Цягнік нас нёс цераз Прусію. На адной станцыі мы ўбачылі сямейку святара Лапіцкага, яны сядзелі на шматлікіх аб’ёмістых клунках. Мая сястронка зацеміла, што ля мяне ўсё мужчыны... Мне стала ўстыдно за яе ўзровень думак і разумення, і я была радая, што едзем мы далей у Інстэрбург. Яны ўсе напраўляліся ў Кенігсберг пэўныя сябе, задаволеныя.
Вось мы і ў Інстэрбургу. Мой спадарожнік, які правёў мяне гэтымі ўсімі шляхамі, вяртаўся назад да сям’і. Яго цягнік адыходзіў зараз, а мой адыходзіў увечары. Я правяла яго да вагону, глянуў ён на мяне сумна й сказаў: «А можа, хоць пацалуеш мяне за ўсё...» Я падставіла яму парэпаную ад ветру шчаку й засмяялася. Цягнік рушыў. Вечарам на сваім чамадане змучаная, адзінокая, сумная я ехала ў Прагу на Торунь.
Я ў Чэхах! Трэба перасядаць на цягнік, што на Прагу. Забылася, як называецца тая станцыя. Выходжу й бачу перад сабою Русака! Ну й дзіва! Як паехалі, так і прыедзем разам, але ён мала са мною хацеў гаварыць, важнічаў нейк... І вось я ў трамваі пад’язджаю да свае хаты. Як добра ўдома. Нікога няма. Ляжаць Юрачкавы сшыткі, перабіраю іх мімаволі. Разглядаю сябе — рукі брудныя, твар страшэнна абветраны, а ногі спухлі мне, як навоі. Нехта ля дзвярэй — то вяртаецца муж, першае яго пытанне, ці прывезла яму кніжкі з Зэльвы?.. Як я вярнулася жывая, як перажыла ўсё, як там Бацькаўшчына перад фронтам — аб гэтым ні слова... І тут я расплакалася... Мне ўспомніліся тыя, якія хацелі бараніць мяне да апошняга дыху, тыя, якія плакалі дзіўна па-мужчынску, пакідаючы Бацькаўшчыну. Я нагрэла ванну, памылася й заснула сном каменным. Назаўтра збудзіў мяне званок, я адчыніла. Рассмяяна глянула на мяне пані Ружэнка, якой я пакінула Юрку, але твар яе раптам збялеў і злосная грымаса замяніла ўсмешку... Яна смяротна спалохалася, здзівілася, што я вярнулася дамоў. Мне пайшоў мароз па скуры. Я й раней не верыла гэтай жанчыне, якая сілай перлася ў нашую хату, і толькі шкадую сяння, чаму я тады не выгнала яе назусім з нашай хаты...
Я, выхаваная ля маці, не ведала яшчэ, што людзі могуць быць няўдзячнымі за дабро й подлымі шпіёнамі ў сваіх знаёмых. Юрачка быў вясёлы, і адзіны ён рады з майго прыезду. Цераз пару дзён запрасіла мяне прыйсці да яе Відавіса Паўлаўна Ляцкая, жонка памершага прафесара Ляцкага [133] . Яна цікавілася, як выглядае Менск і якія там новасці. Я паглядала на сцены іх пакояў, увешаных вялікімі фотаздымкамі Меражкоўскага [134] , Тэфі [135] , Гіпіус [136] , Блока [137] і інш. Гэта ўсё былі іх сябры, якія параспісваліся ўсюды «собственнохвостно», бо ў іх быў нейкі жартоўны «Союз обезьян». Мы пілі каву, размаўлялі. Мяне здзівіла зацікаўленасць Відавісы Паўлаўны маёю асобаю. Я ехала дамоў рада, што страшнае прамінула. Мне не хацелася варушыць думкамі мінулай паездкі, бо нажом у сэрца была думка аб Расціславе, аб ягонай долі, аб старэнькіх мужавых бацькох... Мне быў патрэбны спакой, каб адужаць.
133
Ляцкі Яўген Аляксандравіч (1868–1942) — гісторык расійскай літаратуры, даследчык беларускага фальклору. Пасля кастрычніцкага перавароту жыў у Празе, выкладаў у Карлавым універсітэце; пахаваны на Альшанскіх могілках.
134
Меражкоўскі Дзмітрый Сяргеевіч (1866–1941) — расійскі пісьменнік.
135
Тэфі (сапр. Лахвіцкая Міра; 1872–1952) — расійская пісьменніца.
136
Гіпіус Зінаіда Мікалаеўна (1869–1945) — расійская пісьменніца.
137
Блок Аляксандр Аляксандравіч (1880–1921) — расійскі паэт.
Удома мяне чакала неспадзеўка. Абодва менскія святары з сем’ямі з Кенігсберга прыехалі да нас у хату... Госці ёсць госці, але тут не гасціна, а трэба іх нейк ратаваць, прапісаць, прыстроіць і т.п. Прытым муж мой не любіць ні святароў, ні клопатаў з імі й наагул нервовы стаў, здаецца, і сам сябе ён не любіць... Але ўсё нейк зрабілася. У айца Балая быў сын, як абраз прыгожы, і калі нехта да нас званіў, дык матушка хавала дзецюка ў туалет ці ў ванну, каб яго не бачылі, не забралі. У Лапіцкіх было двое дзяцей — Лёля й Жоржык, якраз сябры для Юры. Ён імі й заняўся. Гестапа не дазваляла іх прапісваць, і тады я сабе прыпомніла чэшскае супружжа, з якім я пазнаёмілася, выязджаючы ў Менск.
Што ж, я знайшла і ўрад, і таго чалавека, які быў шчыра рады, што бачыць мяне жывую. Ён завёў мяне да свайго начальства. А начальніцай «сацыяльнай дапамогі для Чэхаў і Маравы» была фрау Нот. Гэта была высокая жанчына гадоў за сорак. Яна папыталася ў мяне аб падарожжы й сказала, што ля Менску была вялікая здрада. Мы гаварылі яшчэ, і так нейк выйшла, што я, усхваляваная тым, што бачыла, папыталася яе: як яна можа стрываць такія паводзіны сваіх землякоў на нашых землях? Яна адказала мне вельмі паважна, што вельмі нізка ўпалі маральна яе суайчыннікі й яна не мае права адыходзіць тады, калі патрэба людзей шляхотных і адданых яе радзіме... Гэта было праўдай.