ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

Нарэшце мы апынуліся ў Менску, злезлі з цягніка. Падбеглі да нас рыкшы, самыя сапраўдныя хлапчукі, упрэжаныя ў тачкі. Дзікасць несусветная. Узвалілі мы аднаму такому свае рэчы, ён і павёз. Гляджу на Русака й кажу: «Вось і прыехалі мы на Беларусь, каб бедны хлопчык валок нашыя рэчы». Русак падышоў да хлопчыка, упрогся разам з ім у тачку, і так яны йшлі пасярод вуліцы.

Менск ляжаў паранены, разбіты, адны руіны й нішчата. Я пачала плакаць, нервы мае не вытрымалі. Не магла глядзець на шэрых, убогіх маіх землякоў, на іх твары худыя й на кантраст — сытых немцаў...

Нам паказалі будынак, дзе быў Кангрэс. Мы прыехалі позна, Кангрэс ужо адбыўся. Да нас падыходзілі людзі, знаёміліся з намі. Мяне ўсе ведалі з літаратуры. Твары людзей чырванелі з нейкага неспакою, аказалася, яны выступалі горда, моцна супраць усіх ворагаў Беларусі й супраць немцаў, не скрываючы гэтага. Кангрэс гэты дазволілі нехрысты толькі адступаючы, калі гінулі ўжо самыя, тады толькі згадалі пра нас. Людзі разумелі гэта.

Да мяне падышоў Вітушка, сказаў, што завязе мяне да Арсенневай [114] . Калі апынуліся ля ягонай машыны, такога нейкага «казла», ён спыніўся й кажа: «Ларыса Геніюш, я ненавіджу немцаў, я толькі й толькі беларус, але нам трэба здабыць яе для народу, гэту зямлю нашу, і трэба нам усё дзеля гэтага выкарыстаць... Я мусяў сказаць вам гэта».— «А я й так гэта ведала».

114

Арсеннева Наталля (1903–1997) — паэтка і грамадская дзеячка; падчас Другой сусветнай вайны працавала ў рэдакцыі «Беларускай газеты». З 1950 г. жыла ў ЗША.

Мы паехалі да Кушаляў [115] . Наталля Арсеннева была сама ўдома, мы прывіталіся. Я памылася. Раптам увалілася ў хату поўна моладзьі, яны хацелі, каб я пабыла з імі, у іхняй кампаніі гэты вечар. Наталля Арсеннева іх ветліва ўсіх выправадзіла. Мяне ўлажыла ў пасцель, і я, плачучы, як дзіця, заснула. Вечарам збудзьілі мяне, прыйшоў Кушаль. Мала ў жыцці я сустракала так шляхотных, бескарысных патрыётаў, якім быў Кушаль. Ён, як і Вітушка, жыў і дыхаў толькі тым, што мог нешта рабіць для Беларусі.

115

Кушаль Францішак (1895–1968) — палітычны і вайсковы дзеяч; муж Н. Арсенневай.

Мы былі ў такім становішчы, што нам нельга было абмінуць найменшай магчымасці, дзе можна было б заявіць аб тым, што мы людзі й зямля гэтая — наша зямля! Аб сабе з нас мала хто думаў, думалі аб народзе, аб справе. Нам нельга было падняць наш народ, але старацца захаваць яго фізічна, ратаваць яго ад ворагаў, ад абыякавых, штурхаючых сёлы на гібель, было неабходна.

«Малая розніца між немцамі й рускімі для нас»,— адказаў мне Кушаль, калі я ганіла немцаў. «Яны нелюдзі, але й тыя нічога добрага, акрамя лагероў і смерці, пакуль што не прыняслі нам». Я змоўкла. Пачалася трывога, і мы спусціліся ў склеп, дзе я адчувала сябе як у Празе, бо публіка была там еўрапейская. Аказалася, што ў гэтым доме жывуць немцы й склеп супольны. Назаўтра з Наталляй Арсенневай мы пайшлі ў Дом ураду. Нас агледзелі, далі пропуск, і мы падняліся наверх. Сустрэў нас першы Кастусь Езавітаў. Ён быў несказана рады з нашае сустрэчы, бо даўно ўжо шмат пісаў мне, называючы мяне салаўём беларускай эміграцыі. Прыйшоў да нас і Юрка Віцьбіч [116] . Ён сабраўся ад’язджаць, раскрыў свой чамаданчык і паказаў мне, што, акрамя кашулі, узяў з сабою ў дарогу маю кніжку... Назбіралася моладзі. Нехта нас фатаграфаваў. Пасля Езавітаў пазнаёміў мяне з Радаславам Астроўскім [117] . «Я чуў пра вас»,— сказаў мне Астроўскі, нейк крыху непрыязна глянуўшы на мяне. «I я пра вас чула»,— кажу яму ў адказ. Прэзідэнт спяшаўся, сказаў усім сабрацца ў вялікую залю. Мы туды пайшлі таксама. На цэнтральнай сцяне вісеў вялікі партрэт Астроўскага. Людзей сабралася поўна. Астроўскі загадаў усім эвакуявацца, каб пайшлі атрымаць трохмесячную зарплату й збіраліся ўцякаць. Людзі заварушыліся. Я ўбачыла свайго знаёмага яшчэ з дзяціных гадоў. Ён падышоў да мяне, і я крыху супакоілася, бо ведала, што гэты харошы чалавек выратуе мяне з найгоршага. Мы зноў паехалі да Кушаляў, але без Наталлі. Яна пабегла да бацькоў Адамовіча [118] , якія былі самыя, яна наагул найменей думала пра сябе, памагала іншым.

116

Віцьбіч Юрка (сапр. Серафім Шчарбакоў; 1905–1975) — пісьменнік, грамадскі і культурны дзеяч; з 1944 г. жыў у Нямеччыне і ЗША.

117

Астроўскі Радаслаў (1887–1976) — палітычны дзеяч, прэзідэнт Беларускай Цэнтральнай Рады (абвешчаная ў 1943 г. у Менску).

118

Адамовіч Антон (1909–1998) — беларускі пісьменнік, гісторык і літаратуразнавец; пасля Друнгой сусветнай вайны жыў у Заходняй Нямеччыне і ЗША.

Усім было загадана сабрацца ўжо з рэчамі ля будынка, дзе быў Кангрэс. Я пачала пакаваць рэчы Кушаляў, завязваць усё ў клункі. Кушаль паглядзеў па хаце й кажа: «Трэба каб нашае сэрца было пры нас, глупства ўсё гэта, набытное». Пакідалася многае. Насмажыла я нейкай яешні, накарміла ўсіх, і мы паехалі на той панадворак, дзе ўжо сабралася многа людзей. Не відно было чамаданаў: клункі, клункі. Сэрца сціскалася, гледзьячы на гэтых людзей. Куды ехаць, да каго ехаць? Мы, якіх павыклікалі з-за граніцы, мелі права ад’ехаць цягніком. Было нас даволі. Сябры выпрасілі нейк персанальную машыну Астроўскага й злажылі туды свае рэчы. Пасадзілі мяне ў машыну, каб ехала за імі, калі прыйдзе шафёр. Поўная машына партфеляў, чамаданчыкаў, і я сяджу ля іх, вартую. Твар у мяне заплаканы, хоць усе да мяне тут добра адносяцца, але горад у руінах гняце несуцешна. Немцы едуць, гаргечуць, а мы тут седзьімо, чакаем варожае ласкі — згінь ты, прападзі... Падышоў да мяне Алесь Салавей [119] , прысеў — такі прыгожы юнак, прадэкламаваў мне мае вершы. З маленькім клуначкам і маладой жонкай з дзецям на руках падышоў яшчэ адзін паэт. Гэта ўсяго іх багацця. Душаць слёзы. Для ўсіх багатая мая Беларусь, жывуць тут і пасуцца розныя адшчапенцы, толькі для сваіх дзяцей яна такая няшчодрая. А яны яе любяць, нясуць жыццё сваё ёй у ахвяру й гінуць, і вецер заносіць пылам сляды іх. Між іншым, той паэт з жонкаю трапіў да баўэра ў Нямеччыне. Памерла дзіцятка іх, не было ў чым пахаваць, аж кляты фрыц злітаваўся: даў дзве дошчачкі беларусянятку памершаму. Закапалі малое, як жывёлінку.

119

Салавей Алесь (сапр. Радзюк Альфрэд; 1922–1978) — паэт і перакладчык; падчас Другой сусветнай вайны жыў у Рызе, працаваў у рэдакцыі часопіса “Новы шлях”. З 1949 г. жыў у Аўстраліі.

Сяджу, чакаю шафёра. Нарэшце бачу: сунецца дзябёлы дзядзька і, убачыўшы мяне, аж грыміць, што я раблю ў яго машыне. Кажу: «Гэтыя рэчы пакінулі тут сябры й казалі, што вы завязеце іх і мяне на станцыю». — «Я нікога не павязу, гэта не мая справа»,— грыміць яго вялічаства прэзідэнтаў шафёр. «Ах так, дрэнь, калі столькі людзей у небяспецы й трэба ім дапамагчы, ты тут будзеш слухаць мяне ці не слухаць? Дык ведай, ведай, воўча шкура, што везці мяне завялікая чэсць для цябе, нехрыст!» — крычу, а сама выкідаю рэчы з машыны ў горбу. Шафёр сумеўся, можа, ужо й павёз бы мяне, але з такім зверам, халуём нямецкім сама не паеду! А той жа прэзідэнт дазволіў сябрам машыну, і што ён тут здзекуецца? Людзі глядзяць на мяне, як на дзіва. Падыходзіць, кульгаючы, нейкі чалавек, дае мне палку й кажа: «Дайце яму гэтай палкай, прахвосту, надаелі яны мне. Я лекар, я хацеў тут зрабіць беларускі Чырвоны Крыж. Яны, вось такія, як ён, не далі мне, гады». Падымаецца бунт на дзядзінцы: капітан жа зыходзіць з карабля апошні! Ніхто не думае пра людзей. Ажно вярнуліся сябры, цягніка няма. Бачаць яны, што тут робіцца, маўчаць, крывяць насамі, а да мяне падыходзіць бацюшка, ды мой сваяк прытым, прапануе фурманку сваю на рэчы, гасціну ў сваім доме, што ля вакзала, каб было бліжэй. Яго чалавек ужо пакуе чамаданы на фурманку, але тут перашкода. Знекуль явіўся нейкі тып высокі й чорны, называецца Сцяпанаў. Учапіўся да маіх мужчынаў, а іх якіх дзесяць чалавек, каб нікуды не ехалі, што ён завядзе нас у сховішча, там пераначуем і г.д. Не дае пакаваць рэчаў. Я крычу, каб ён адышоў і каб яго ніхто не слухаў, бо яго сховішча ў руінах — гэта чортава лавушка! Я чую руку Ермачэнкі, вось ён яшчэ хацеў, каб быў тут і муж, і сын наш, якому дзесяць гадоў няма... Не адыходзіць, бандыт, толькі кажа: «Не слухайце гэтую жанчыну, не едзьце да папа, мы тут весела з вамі правядзем вечар». Мне ўсё ясна, нас тут трэба ўсіх забраць. Безумоўна, не немцам мы патрэбныя. Ясна як божы дзень. Мяркую, каб бліжэй да станцыі. Ужо іх некалькі сабралася супраць мяне. Нарэшце кажу: «Хто хоча ехаць са мною, няхай едзе, а не — дык будзе вам горай». Сцяпанаў дастаў пачку папяросаў, цэлую сотню, і частуе імі Езавітава, а той глянуў на яго й кажа: «Не да смаку мне вашыя папяросы...»

Фурманка паехала, і ўсе мы пайшлі за ёю. Ніхто не адышоў. Не адышоў і Сцяпанаў з дружкамі. Вёў нас тры кіламетры да таго бацюшкі, усё пераконваў, каб вярнуліся, але выйграла я! Дачка татавай сястры, цёці Мані, была жонкай айца Лапіцкага, вось мы да іх і прыехалі. Старэнькі святар Балай [120] сядзеў ля стала й заставаўся з намі, галоўнае, са сваімі рэчамі, а мае сваякі, і жонка, і сын айца Балая ад’язджалі ў цэркву, дзе вельмі моцны склеп. Сястронка мяне не клікала, а я села на канапу ля стала, зняла чаравікі і ўздыхнула. Супакоілася нарэшце. Сябры былі пры мне. Пасля пайшлі мы з Езавітавым на станцыю. Усюды ляжала поўна раненых, стагналі. Цягнік ішоў толькі ў пяць раніцай, але каб дастаць білеты на яго, трэба было мець посвядку аб дэзінфекцыі ад вошаў — «энтляўсунгшайн» [121] ... Ах, ну ж і немцы, гінуць, падцягваюць порткі на хаду і яшчэ трымаюцца да апошняй хвіліны распарадку, ну і «орднунг» [122] !

120

Язэп Балай — рэлігійны праваслаўны дзеяч, протаіерэй, удзельнік Аўтакефальнага сабора Беларускай праваслаўнай царквы (1942); прытрымліваўся русафільскіх пазіцый.

121

Entlausugschein (ням.) — пасведчанне пра дэзінсекцыю.

122

Ordnung (ням.) — парадак.

Я зноў на канапе. Ля стала ўсе сябры. На стале рэвальверы. Усе нервовыя. Прыйшлі яшчэ незнаёмыя. Відаць, і яны разгадалі Сцяпанава, але маўчалі й паглядалі, што будзе. Адзін сябра ведае маю сям’ю, дзеда. Ён кажа: «Як жа вы, з такое багатай хаты, так ведаеце быт наш, душу нашага народу, скуль вы ўзяліся, такая харошая?» Я тут адна сярод іх. Амаль плачуць, што трэба ўцякаць са свае зямлі, гордыя хоць тым, што вельмі моцна выступалі сябры супраць немцаў на Кангрэсе. Не называю сяброў, няхай жывуць спакойна. На стале паявілася ежа, бутэлька. Пілі й плакалі, і былі ўсе як адзін, а мяне гатовыя бараніць сваім жыццём. А тут няпэўнасць, а можа, не дажывем да заўтра?

Трывога, усе пахаваліся ў склепік, селі на бацюшкіну бульбу й кублы, але Езавітаў выцягнуў мяне за руку, абняў і кажа: «Не бойся, мой салавейка, яны не будуць горад бамбіць».

Назаўтра ранічкай мы былі ўжо на вакзале. Посвядкі аб дэзінфекцыі мы з Езавітавым проста купілі. Занялі мы цэлае купэ. Яшчэ да нас прыселі землякі, і цягнік на адыходзе. Тут я замерла, убачыла Сцяпанава, а з ім нямецкія салдаты, якія напалі на нашае купэ, з крыкам «раўс русішэ швайн» [123] усіх нас выкінулі! А цягнік адыходзіць! Даў мне з сабою Кушаль, каб перавезла яму даўгі кажух, а ў мяне яшчэ рэчы. Дала я кажух Сяднёву [124] , паэту, бо ён нічога з сабою не меў. Усе кінуліся да другіх вагонаў, хто куды. Цягнік рушыў. На дручку вісеў Кушалеў кажух, а ледзь жывы Сяднёў ехаў на буферах. Ну й ну... Вось штука, вось Сцяпанаў...

123

HerausrussischesSchwein (ням.) — прэч, расійская свіння.

124

Сяднёў Масей (1913–2001) — беларускі паэт, празаік, эсэіст, перакладчык. З 1944 г. — на эміграцыі, жыў у Нямеччыне, потым у ЗША.

Немцы сядзелі адзін на адным. Набралі з сабою машынкаў, пакункаў, бурчаць на нас, ледзь не выпіхаюць з вагона. Сябры ўгаворваюць іх, а я прашу, каб не ўніжаліся, ужо што будзе, тое й будзе. Едзем дзесяць мінут, а пятнаццаць стаімо й сунемся ўсё так памаленьку. Немцы прыціхлі, усе на мяне паглядаюць, а я кармлю сваіх сяброў — кожны мне прынёс, што меў, і я дзялю ўсім беларусам і незнаёмым, усім пароўну. Ехаў там нейкі наш лекар, ехалі іншыя, якіх мы зусім не ведалі, але з якімі пароўну дзяліліся тым, што было. Немцы бурчэлі, пасля голасна пачалі лаяцца. Для іх мы ўсе былі «русішэ швайн», і яны, седзьячы на сваіх трафеях, скрыгіталі зубамі са злосці, што іх пышны, наглы й ганаровы паход па калоніі закончыўся тым, чым і меў закончыцца — безгаловым уцёкам дамоў. Хлопцы трывожыліся, але я іх папрасіла, каб стрывалі ўсе рэплікі, маўчалі. Калі было найгорай, дык падняўся адзін старэйшы немец, які сказаў, што ведае нашую мову. Проста сказаў ім: «Вы мелі б вучыцца ад гэтай жанчыны, як быць людзьмі». І яшчэ нешта гаварыў ім. Усе пачалі да мяне прыглядацца, нейкі малады баранэт, якога ў цывільнай вопратцы пасылалі з фронту дамоў, уступіў мне месца, усе мы вальней уздыхнулі.

А цягнік поўз і два разы столькі стаяў, што поўз. На кожнай такой стаянцы прыходзілі да мяне сябры, якія трапілі ў другія вагоны. Кожны нешта мне нёс: хто цукерку, хто кусочак бісквіту з хаты, Мірановіч [125] , наш мастак,— вялікую срэбную латышскую манету «лат», якія латышкі носяць як медальёны. А Найдзюк [126] назбіраў ля чыгункі на замінованым полі суніцаў чырвоных першых і прынёс іх мне. Пазіраюць на нас немцы, і ім няўцям такое. Адзін не вытрымаў і пытаецца ў мяне: «Скажэце, мадам, няўжо ў вас столькі любоўнікаў?» Усе мы сумеліся: пра што пра што, але пра любоў у іх разуменні мы тут начыста забыліся, гледзьячы на параненую нашую зямлю. Адзін сябра кажа: «Гэта ж нашая паэтка». Немец не разумее гэтага, кажа, што і ў іх ёсць паэткі, але ж пачуцця такога да іх няма... І мы ніяк не вытлумачылі немцу нашую ўзаемную, глыбокую, як гора нашае Радзімы, любоў.

125

Мірановіч Пётра (1902–1990) — мастак і грамадскі дзеяч; з 1944 г. жыў у Аўстрыі, пазней у ЗША.

126

Найдзюк Язэп (1909–1984) — дзеяч беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі, рэдактар часопіса «Шлях моладзі». У 1943 г. выдаў у акупаваным Менску падручнік па гісторыі «Беларусь учора і сяння». З 1944 г. жыў у Польшчы пад прозвішчам Александровіч.

Поделиться с друзьями: