ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

Артысты, забраўшы сваіх жанчын, адыходзілі. Яны неслі тое, дзеля чаго галоўнае ездзілі па сёлах: кашы з яйкамі, з салам. Неслі іх на калочку па двое. Ім не было ні карэты, ні машыны, ішлі пешкі. Усе абнялі мяне, кожны пацалаваў. Праз слёзы нешта гаварылі. Пазней я прачытала ў беластоцкай газеце вельмі цёплае апісанне нашай гэтай сустрэчы [106] . Пасля я праводзіла Славачку. Конь у яго быў харошы, але ехалі мы памаленьку, гаварылі пра бацькоў. Ехалі далей і далей, і не хацелася расставацца. Нарэшце далёка за Бародзічамі абняліся, расцалаваліся. Я пайшла хутка, каб не аглядацца, але не стрывала, калі павярнулася, дык убачыла жудаснае. На месцы стаяў і конь, і брат, і ўся яго магутная постаць уздрыгвала з плачу. Мы болей у жыцці не спаткаліся. Я засталася пры мужу, а сэрцам рвалася туды, дзе гэты верны, найдарожшы мой брат, каб, забраўшы сына, з ім разам чакаць бацькоў.

106

Цёплае апісанне нашай гэтай сустрэчы…– маецца на ўвазе нататка Л. Богуша ў «Новай дарозе» за 30 траўня 1943 г.

Другі раз для мяне зацвіў бэз гэтай вясною. Мне снілася, як ён асыпаў парог наш. «Бэз асыпаў квеццем твой парог, Расціславе, наймілейшы браце».

Назаўтра прыехаў Яначка. Яго проста выкінулі са Слоніма. Немцы, якіх ён лячыў па сваей спецыяльнасці венеролага, парадзілі яму маўчаць і казаць толькі «яволь», г.зн. нешта накшталт «так, ёсць». Ён так казаў, далі яму хатні арышт і за тыдзень паперлі. Палякі на гэты раз зрабілі нам добра, іх даносы, на шчасце, не скончыліся смерцю мужа. Нядаўна бацька Алега Лойкі [107] ездзіў як сведак на Эрэна, слонімскага камісара, у Нямеччыну. Разглядалася й справа расстрэлу мужа. Выратавала яго, як я раней пісала, Прага, знача, зноў Піпэр…

107

Лойка Алег (1931–2008) — паэт, празаік, літаратуразнавец; член-карэспандэнт НАН Беларусі (1989), доктар філалогіі (1969).

Прыезд мужа быў як дзіва, як цуд. Нам проста ў такое не верылася. У паперы, якую яму далі, забаранялася яму медпрактыка на тэрыторыі ўсяго т.зв. тады «Остлянду»... Янка бараніў сёлы й смела выступаў супраць Эрэна... Палякі цешыліся, далёка глядзець і бачыць яны не ўмелі...

Нехта, хто дапамог выкінуць мужа са Слоніма, зрабіў нам добрую ўслугу. Па тым, што ўначы стралялі па мужу, што даносілі на яго палякі й не любілі немцы, можна было судзіць, што жывым ад іх не вырвацца, бо, наагул, ліквідавалі людзей самохаць. А гэта бы цуд: ехаць у Прагу! Доўга мы не пабылі ў бацькоў, паехалі яшчэ паглядзець у Пятрэвічы, у тыя некалі так камуністычныя за Польшчы. Сваіх родзічаў мы засталі на сялянскай вечарынцы... Я сумелася: такая вайна, партызаншчына, амаль смерць на дарогах, а сяло гоне самагонку, п’е й вось скачуць сабе, як у мірную пару. Мы не маглі так, боль зямлі адгукаўся ў сэрцы. Мне далі дазвол паехаць да брата, але муж мяне не пусціў, мы спяшаліся ў Прагу.

Да Ваўкавыска ехалі прыгарадным цягніком, людзі прыглядаліся да мяне, звярталіся з пытаннямі, з просьбамі. Мы затрымаліся на пару дзён у Берліне, сустрэліся з сябрамі на супольнай вячэры, дзе ўсё было на карткі. Хвалілі мяне, выступаючы, нашыя сябры, а Мікола, які выступаў апошні, дык сказаў проста: «Яна наша Жанна д’Арк» [108] . Мне пацямнела ў вачох. Ранюсенька мы паехалі. Некалькі асоб нас праводзіла, занялі нам месцы загадзя. Я доўга трымала ў руках букет чырвоных ружаў, і здавалася мне — чую галасы сяброў.

108

Жанна д’Арк (каля 1412–1431) — нацыянальная гераіня Францыі. Узначальвала барацьбу супраць англічанаў падчас Стогадовай вайны (1337–1453); спалена інквізіцыяй на вогнішчы.

У Празе пачаліся нечаканыя клопаты, паводле загаду са Слоніма, мужа належала адправіць на працу ў Нямеччыну як лагернага лекара. І чаму ж такая нянавісць з таго Слоніма, што там Янка мог нарабіць? Мне прыпомнілася, як крыху раней наведаў мяне ў Празе адзін вельмі элегантна апрануты чалавек. Ён быў урачыста настроены й вельмі паважна прасіў мае рукі: дазвольце мне заапекавацца вамі й вашым сынам. Мяне затрасло, але я папыталася ў яго: на якой падставе ён просіць мае рукі пры жывым мужу? «А ён не вернецца болей»,— адказаў мне нядошлы, няўпорны жаніх мой. Болей я, здаецца, нічога не пыталася, а толькі енчыла са злосці на ўвесьь пакойчык, а той «жаніх» ляцеў па сходах з цыліндрам у руках.

Знача, у Празе ведалі, што муж жывым не вернецца... Знача, зноў пашкадаваў Бог нашую сямейку. Мне не заставалася іншае рады, як зноў ісці да фрау Піпэр прасіць ратунку. Па беларускаму абычаю з пустымі рукамі я не йшла. Хоць падаркі мае былі невялікія, але былі яны патрэбныя. Муж дастаў працу ў «арбайтсамце», там, дзе высылалі людзей на працу. Што ж, гэтае месца добра аплачвалася, але яно вельмі не падабалася майму мужу. «Не хачу грошай, не хачу рабіць там,— скардзіўся мой Іван Пятровіч,— хачу быць лекарам і толькі лекарам».

Зноў я пайшла да добрых людзей, хоць я ім добра ўжо надаела. Вельмі быў здзіўлены доктар Піпэр, што муж адмаўляецца ад такіх грошай, каб толькі далей дасканаліць сваю медыцыну. Тады я толькі зразумела ўсю мудрасць нашага прыяцеля, калі мужу далі малаплатную, але вельмі харошую працу ў касе хворых. Там працавалі сапраўды выдатныя лекары, ад якіх можна было многа навучыцца. Яшчэ яны пры дапамозе сваіх сяброў памаглі нам памяняць кватэру, бо Юрачка падрос і ложачка яго было ўжо замалое, а большага не было дзе дзець.

І так мы пераехалі на вуліцу Гэжманову, № 7. Штодзённа я выпраўляла сваіх хлопцаў — аднаго ў школу, другога на працу. Чакала дамоў з нецярплівасцю, бо час быў неспакойны й кожны шчасліва пражыты дзень быў ужо сам па сабе выйгрышам. Прыходзілі да нас землякі. Я забылася сказаць, што зараз пасля майго прыезду ў Прагу зайшла да нас аднойчы доктар Галубянка. Была яна тоўсценькая, невялічкая, добра апранутая, мілая. Гутарыла са мною вельмі расчулена, здавалася мне, што ўсяго яна мне не сказала. Болей я яе не бачыла. З пачаткам вайны яна закончыла жыццё самагубствам.

Да нас многа прыязджала сяброў. Людзям было цікава, як выглядае іх паэтэса, якая піша так, як яны думаюць, як яны адчуваюць. Харошы, вартасны доктар Тумаш і далей выгладжваў мае вершы, хоць пісаць пачала я меней, да мяне пачалі прыглядацца, чапляцца крыху, дакараць мяне за мой песімізм. Пасля падарожжа ў Зэльву цяжка было быць аптымістам. Вайна пакінула крывавыя сляды на народзе нашым, на зямлі незасеянай, на харошых нашых гарадох і найстрашнейшы след на няшчаснай сям’і маёй. Вайна наагул — гульня нецікавая...

Часта пісаў брат. Я праз Жэневу, праз польскі Чырвоны Крыж шукала братоў і мамы, вывезеных у Казахстан. Расціслаў быў рады, што спіць ён пры адчыненых вокнах, што людзі так цудоўна адносяцца да яго, разумеюць яго. Але людзі ёсць людзі, вось і напалі на Жлобаўцы нейкія іншыя партызаны, і Расціслаў ледзь выратаваў жыццё... Ехаць да нас у Прагу ён ніяк не хацеў, чакаў нашую няшчасную маці, каб мела куток свой, хлеба кавалак на старасць.

Юра добра вучыўся, многа чытаў. Муж купляў яму шмат кніжак. У яго была свая шафка, свой куточак. Хлопчык быў дасціпны, умеў ужо думаць, арыентавацца ў нескладаным жыцці ваеннага часу. На ўсходзе немцы адступалі, і фронт ужо прыбліжаўся да Беларусі. Зноў распоруць снарады грудзі роднай зямлі й загіне нямала тых, хто найлепшы ў народзе. Немцы, напэўна, і самыя ўжо не верылі ў перамогу. Стала нейк меней страшна. Прайшла першая гадавіна смерці дзядзькі Васіля Захаркі, зацвіў у Празе й перацвіў бэз.

Аднойчы муж прыйшоў з працы вельмі занепакоены, яму загадалі на працу па тэлефоне заўтра з самага рання прыйсці ў гестапа. Мы не заснулі, ці мала ёсць прычын, каб згубіць свабоду й нават жыццё ў такі час... Назаўтра муж вярнуўся дамоў яшчэ сумнейшы: яму загадалі, каб мы траіх — муж, я і Юра — ехалі адразу ў Менск на Кангрэс [109] . А чаму Юра? Загад з «остміністэрства»... Знача, зноў Ермачэнка, зноў ягоная чорная рука цягнецца да майго горла. Прашу ў мужа, каб узяў посвядку з месца працы, што не можа пакінуць свае работы, якое так многа вайною, проста кажу яму, што для сына ён важней, чымсьці я. Ехаць некаму трэба, але ехаць супраць фронту — гэта ехаць на смерць... Толькі б не ехаць ім, бо тут адчуваецца зноў капкан...

109

Кангрэс — маецца на ўвазе Другі ўсебеларускі кангрэс, які адбыўся ў Менску 27 ліпеня 1944 г. з ініцыятывы Беларускай Цэнтральнай Рады.

Поделиться с друзьями: